белорусская фотография
энциклопедия

WackoZnyata: БалтыйскiШлях ...

Home Page | Изменения | НовыеКомментарии | Пользователи | Регистрация | Вход:  Пароль:  

Балтыйскi Шлях


выставка фотографий
18февраля (17–00) -14 марта 2010
Национальный исторический музей, ул. К.Маркса, 12, г.Минск


БАЛТЫЙСКІ ШЛЯХ – гэта жывы ланцуг, які аб’яднаў народы трох краін у іх імкненні да СВАБОДЫ


Што такое Балтыйскі шлях?


Балтыйскі шлях – гэта ўнікальная, мірная масавая дэманстрацыя, якая адбылася 23 жніўня 1989 г., калі больш за мільён чалавек стварылі жывы ланцуг даўжынёй больш за 600 кіламетраў, які аб’яднаў народы трох прыбалтыйскіх дзяржаў – Эстоніі, Латвіі і Літвы – у іх імкненні да свабоды.


Дэманстрацыя адбылася ў сувязі з пяцідзесяцігоддзем падпісання нямецка-савецкага Пакта аб ненападзенні ў 1939 г. і сакрэтнага пратаколу да яго, у якім размяркоўваліся сферы інтарэсаў бакоў ва Ўсходняй Еўропе, што пацягнула за сабой акупацыю і анексію прыбалтыйскіх дзяржаў. Пасля таго, як савецкі рэпрэсіўны рэжым спыніў сваё функцыянаванне ў выніку рэформаў, ініцыяваных Міхаілам Гарбачовым, ідэя ўзнаўлення дзяржаўнай незалежнасці набыла рэальныя абрысы. 23 жніўня 1988 г., калі тысячы людзей у Вільнюсе, Рызе і Таліне заклікаліся да ўдзелу ў мітынгах, была апублікаваная сутнасць нямецка-савецкіх пактаў і сакрэтных пратаколаў да іх. Увесну 1989 г. на З'ездзе народных дэпутатаў СССР прадстаўнікі трох прыбалтыйскіх дзяржаў запатрабавалі правядзення аналізу законнасці нямецка-савецкіх пактаў і сакрэтных пратаколаў. Была створана даследніцкая камісія, дзейнасць якой, аднак, прасовалася павольна. Падчас рэформаў, якія праводзіліся ў Савецкім Саюзе, нацыянальныя рухі і дэмакратыі атрымлівалі недастатковую падтрымку. У такой сітуацыі на 23 жніўня 1989 г. была запланаваная масавая дэманстрацыя па ініцыятыве нацыянальных рухаў трох прыбалтыйскіх дзяржаў: Народны фронт Эстоніі: Rahvarinne, Народны фронт Латвіі і Літоўскі рух за перабудову: Sąjūdis.


Балтыйскі шлях стаў беспрэцэдэнтным актам салідарнасці, які прыцягнуў да сабе велізарную ўвагу ва ўсім свеце. Балтыйскі шлях паказаў, што народы трох прыбалтыйскіх краін, незалежна ад нацыянальнасці, здолелі арганізаваць агульнае мерапрыемства, якое аб'яднала людзей у іх імкненні да волі. Вялізны жывы ланцуг, а таксама моцная міжнародная падтрымка, накіраваная на апублікаванне гістарычных фактаў, вымусіла З'езд народных дэпутатаў СССР прызнаць нямецка-савецкія пакты і сакрэтныя пратаколы да іх юрыдычна незаконнымі 24 снежня 1989 г. Гэта рашэнне павялічыла магчымасці нацыянальнага самавызначэння народаў Эстоніі, Латвіі і Літвы і стала вырашальным фактарам для дэмакратычных рухаў па ўсім Савецкім Саюзе.


Якая спадчына Балтыйскага шляху?


Дакументальная спадчына Балтыйскага шляху ўяўляе сабой вялікі архіў дакументаў, звязаных з дадзенай гістарычнай падзеяй. Найбольш важныя дакументальныя сведчанні Балтыйскага шляху, якія ў цяперашні час захоўваюцца ў Нацыянальных архівах Эстоніі, у Музеі народнага фронту Латвіі і ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы, намінаваныя балтыйскімі краінамі на ўключэнне ў Рэгістр ЮНЭСКА «Памяць свету» – спіс бібліятэчных калекцый і архіўных матэрыялаў, якія маюць міжнародную істотнасць. Рашэнне аб уключэнні дакументаў у рэгістр будзе прынята ў ліпені 2009 г. Падрыхтоўка да ўключэння ў рэгістр пачалася ў 2005 г., калі група экспертаў з Эстоніі, Латвіі і Літвы прыступіла да вывучэння дадзенай ініцыятывы, праводзячы кансультацыі з экспертамі з Польшчы і Нямеччыны.


У склад Балтыйскай групы ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальных архіваў, Нацыянальных бібліятэк, Міністэрстваў культуры, Нацыянальных камітэтаў па праграме «Памяць свету», Нацыянальных камісій па справах ЮНЭСКА, Музея Народнага фронту Латвіі і Музея акупацыі Эстоніі. Вылучэнне намінацыі стала магчымым дзякуючы актыўнаму садзейнічанню з боку наступных асоб: др. Чэславас Лаўрынавічус, др. Уладас Сірутавічус, Ларэта Чаплінскенэ, Інга Візгірдзенэ, Анганіта Рупшытэ, Аста Дзірмайтэ і Дангуоле Рэйкайтэ з Літвы; Мары Сійнэр, др. Індрэк Юр’ё, Іві Томінгас, Хэйкі Ахонэн, Дорыс Карэва і Маргіт Сійм з Эстоніі; Андрыс Вілкс, Мэлдра Усэнко, Алдзіс Путэліс, Андрэйс Васільеўс, Улдзіс Страўюмс, Інта Рудзітэ, Валдзіс Муктупавэлс, Роландс Озалс і Аніта Вайвадэ з Латвіі; праф. Войцех Фалькоўскі, Уладзіслаў Стэпняк і Томаш Камароўскі з Польшчы, а таксама Крысціна М. Мэркель з Нямеччыны. Акрамя гэтага, нацыянальныя камісіі па справах ЮНЭСКА трох Балтыйскіх краін выказваюць падзяку Абдэль-Азізу Абіду і Джой Спрынгер з Сакратарыята ЮНЭСКА за карысныя тэхнічныя заўвагі па працэсе вылучэння намінацыі.


Больш падрабязная інфармацыя аб намінацыі прыведзена на інтэрнэт-старонцы http://www.balticway.net


Што такое Рэгістр «Памяць свету»?


Рэгістр «Памяць свету» – гэта частка праграмы ЮНЭСКА «Памяць свету», спіс дакументальнай спадчыны міжнароднай важнасці. Занесеная ў рэгістр дакументальная спадчына адпавядае крытэрыям адбору ЮНЭСКА, якія датычацца азначэння міжнароднай важнасці і агульначалавечай каштоўнасці дакументаў. Па стане на 2008 г. у рэгістр было ўключана 158 калекцый, прадстаўленых 67 рознымі краінамі.


Рэгістр «Памяць свету» з'яўляецца, верагодна, найбольш прыкметнай часткай Праграмы ЮНЭСКА «Памяць свету». Праграма была ініцыяваная ў 1992 г. з мэтай прадухілення страты дакументальнай спадчыны і наступлення г.зв. калектыўнай амнезіі. Дадзеная праграма з'яўляецца мерай па захаванні каштоўных архіўных матэрыялаў і бібліятэчных калекцый ва ўсім свеце і накіраваная на забеспячэнне як мага шырэйшага распаўсюджванні інфармацыі аб іх. Дакументальная спадчына з'яўляецца калектыўнай памяццю народаў свету, якая адлюстроўвае эвалюцыю думкі, адкрыццяў і дасягненняў чалавечага грамадства. Яна з'яўляецца спадчынай мінулага, якую трэба захаваць для цяперашняй і будучай сусветнай супольнасці.


Праграма «Памяць свету» мае тры асноўныя мэты:


(1) Садзейнічанне захаванню сусветнай дакументальнай спадчыны пры дапамозе найбольш падыходзячых метадаў.
(2) Забеспячэнне раўнапраўнага доступу карыстальнікаў да дакументальнай спадчыны.
(3) Падвышэнне дасведчанасці сусветнай грамадскасці аб існаванні і значнасці дакументальнай спадчыны.


Больш падрабязная інфармацыя прыведзена на інтэрнэт-старонцы http://www.unesco.org



отзывы и обсуждение на форуме


<<<назад


 
Файлов нет. [Показать файлы/форму]
Комментариев нет. [Показать комментарии/форму]